Пра мяне
Вітаю ў сваім блозе. Я з тых, хто прыйшоў у індустрыю інфармацыйных тэхналёгій не па прамой дарозе.

Вырас у вёсцы, дзе пра айці не ведалі нічога. Інтэрнэт быў амаль недасяжны (dialup і гэтым усё сказана, да adsl было яшчэ шмат год), кам'юніці — з высокім парогам уваходу, мэнтараў не было. Але цікаўнасць была — спрабаваў разабрацца ў Linux (у асноўным SlackWare, потым Debian), пісаў простыя праграмы на JavaScript, Pascal, C. Без сістэмы, без разуменьня куды гэта прывядзе.
Вучыўся ў БДУІР на факультэце кампутарнага праектаваньня. Тэорыі хапала, а вось як ператварыць яе ў прафесію — было незразумела.
Першыя гады
Напачатку быў надта няўпэўнены ў сабе і ў тым, што здолею выконваць больш адказную і складаную працу і зь усіх сваіх скілоў выбраў вэб распрацоўку, як маючую ніжэйшы (на маю думку) парог уваходу. І надзіва досыць проста атрымаў сваю першую працу. Першыя тры гады — джуніорска-мідловая праца ў розных кампаніях: штампаваць сайты, CMS, простыя задачы. Потым дзве спробы патрапіць у кампаніі з сур'ёзнымі прадуктамі і працэсамі — абедзве скончыліся праз два-тры месяцы. Пасьля іх — спробы фрылансу і ўласных праектаў.
У той час мне здавалася, што я ўжо прафесіянал і магу ўсё. Гэта была памылка. Рэальнасць аказалася жорсткай: грошы скончыліся, праекты не выйшлі, давяраць сабе стала цяжка. Менавіта тады зразумеў, што трэба нешта мяняць — і перш за ўсё патрабаваньні да сябе і да выбару працы.
Пераломны момант
Падцягнуўшы тэорыю і сабраўшы ўсё, чаму навучыўся, пачаў рассылаць рэзюмэ на больш сур'ёзныя пазіцыі. Суразмовы праходзіў лёгка, нават меў выбар. Спыніўся на Apalon — даволі прывабнай кампаніі з уласнымі прадуктамі і мільённымі аўдыторыямі.

Напачатку там было няпроста. Доўга разбіраўся самастойна — выхаваны так, каб не прасіць дапамогі, бо здавалася, што гэта прызнаньне некампетэнтнасьці. У нейкі момант лёс у кампаніі вісеў на тонкай ніці. Але CTO нешта разгледзеў — і пачаў даваць усё больш адказныя задачы, потым цэлыя праекты. Урэшце я стаў вядучым распрацоўшчыкам. Чатыры гады ў Apalon далі вялікі штуршок: архітэктура пад нагрузку, інструменты, падыходы — усё тое, чаго раней проста не было дзе ўзяць.
Рост і новыя ролі
Далей — лід у маскоўскай кампаніі, якая адкрывала офіс у Менску: наладжваў інфраструктуру, набіраў каманду, рэўюваў код, будаваў працэсы. Потым пераезд у Маскву, праца ў CityAds і Mamsy. І нарэшце — Рамблер, каманда разьліковага білінгу мікратранзакцый продажу рэклямы.

У Рамблеры пачаў адчуваць, што зацыкліўся на вузкім кавалку кампетэнцый. Нейкае плата, нейкае выгараньне. Была магчымасьць вярнуцца ў Apalon (дакладней у новую кампанію, створаную былымі заснавальнікамі Апалону) — тэхнічная суразмова паказала, наколькі звузіўся і закасьцянеў мой сьветапогляд. Гэта быў яшчэ адзін патрэбны ўрок.
Playtika і сталасць
Пад ляжачага распрацоўшчыка і кава не цячэ. Час быў устаць і ісьці. Так здарыўся офер ад Playtika і вяртаньне ў Менск. Наступныя чатыры гады далі тое, чаго не хапала раней: сапраўдная "дарослая" аўтаматызацыя, культура рэўю, чысты і чытабельны код, разуменьне як мінімізаваць рызыкі ў сістэмах дзе гадзіна прастою каштуе сотні тысяч. Сапраўдныя прафесіяналы побач, з якімі можна вучыцца. Там жа перайшоў з PHP на Java.

Хоць атмасфера ў кампаніі была камфортнай, унутраны сіндром самазванца рабіў сваё — трымаў пастаянны ўзровень стрэсу і час ад часу даводзіў да выгараньня. Зь гэтай навалай часам даводзіцца змагацца і зараз.
А потым здарылася вайна. Playtika зачыніла офіс у Менску. Я апынуўся ў стане поўнага спусташэньня — і толькі тады зразумеў, наколькі быў знясілены. Спатрэбілася паўгады, каб адыйсьці і пачаць нешта рабіць.
Нашы дні
Пасьля году працы над уласным праектам і вымушанага пераезду ў Грузію — да мяне зьвярнуўся даўні знаёмы з просьбай навесьці парадак у інфраструктуры кампаніі. Быццам усё працуе, але нешта не так - непрадказальна, нестабільна, і месцамі дастаткова неаптымальна. За гэтыя гады я выбудаваў кластар на Docker Swarm з 15+ нодамі, аўтаматызаваў CI/CD праз Drone, наладзіў маніторынг праз Grafana + Prometheus + Loki, і цяпер сачу за інфраструктурай на якой працуюць каля 40 досыць складаных праектаў і безліч сэрвісаў папрасьцей.

З чым працую:
- Go
- PHP (Laravel, Symfony)
- Java (Spring)
- Python
- MySQL/MariaDB
- PostgreSQL
- ClickHouse
- Docker + Docker Swarm
- Ansible
- Traefik
- Gitea
- Drone CI
- Grafana + Prometheus + Loki
- Fastly/Cloudflare CDN
Але галоўнае — не стэк. Я люблю разбірацца ў складаных сістэмах, знаходзіць дзе яны ламаюцца і чаму, і рабіць іх прасьцей і надзейней. Больш за дваццаць гадоў у гэтым, і я ўсё яшчэ вучуся — адкрыты да новых тэхналогій, новых падыходаў і новых задач.