🇬🇪 Месьція і Сванэтыя, альбо як мы да мора ехалі, а апынуліся ў гарах
У пачатку леташняй восені ў мяне цьвёрда засела думка - трэба да мора. Улетку мы на моры былі, але не на гэтым і аб той вандроўцы яшчэ напішу. У Сакартвэла як быццам наўмысна так зроблена - заняткі ў школах пачынаюцца на два тыдні пазьней. Ці то гэта зьвязана зь тым, што на пачатку верасьня яшчэ сьпякотна, ці то зь тым, што ў гэты час усе едуць да мора, адкуль паразьехаліся турысты ў якіх дзеці і школа зь першага верасьня. Вось у такі час і мы звычайна да мора выбіраемся.
У гэты раз захацелася нечага новага. Напрыклад паехаць у Анаклію. Калі хто не ведае, - гэта такое месца, дзе хацелі зрабіць штучна папулярны курорт пяць зорак, але нешта пайшло не так. Чамусьці месца не стала зорным, а потым і наогул прыйшло ў заняпад. Зараз жа выглядае як дэкарацыі да постапакаліптычнага фільму - ўсё закатана ў бетон, пустуючыя гатэлі і рэстараны і нікога... толькі куры і парсюкі адпачываюць замест турыстаў. Вось туды мы і накіраваліся. Але...

Пірдапір
Не адолелі мы за дзень шлях да пустуючага пляжу, што было і так зразумела, бо ў нейкі час трэба зварочваць зь шырокай шашы і пачынаюцца бясконцыя вёскі, што пераходзяць адна ў другую, альбо горныя пераезды, дзе таксама не паганяеш. Таму вырашылі заночыць у Зугдзідзі, празь які і так, і так трэба было праязджаць. Там мы спадзяваліся яшчэ палац наведаць, але нажаль ён быў зачынены і гэта мы адклалі да наступнага разу.
У гэты ж час разважалі плюсы і мінусы такой лякацыі, як Анаклія. Бо калі для мяне "няма людзей" - гэта напэўна плюс, то для Алены пераважна мінус, адчуваньне сябе ніякавата і нуль разуменьня што там рабіць больш за дзень. Тады і прагучала прапанова - а мо ў горы? Тут Сванэтыя ж побач, куды больш побач, чым ад Тбілісі, і пабываць там хочацца.
І ізноў прыходзіць на думку "ў нас быў плян...". Мы вырашылі "па-хуткаму" заскочыць у Месьцію. "Мо на дзень, ці два". Тым больш навігатар сказаў, што "пірдапір (პირდაპირ - тобок наўпрост ці напрамкі) сто шэсьдзесят кіламетраў". Было ў нас адчуваньне, што гэта "пірдапір" як і "пятнаццаць грузінскіх хвілін"... Так яно і выйшла.
Колькасьць паваротаў, сэрпантынаў, стромкіх схілаў і пад'ёмаў цяжка пералічыць. І проста неверагодная колькасць прыгажосьці - першы раз едучы, не ведаеш які захапляльны краявід цябе будзе чакаць за наступным паваротам. А яшчэ адчуваньне магутнасьці гор і стыхіі, калі бачыш наступствы абвалаў і як вялікія абломкі скал проста да рэшты выламваюць металічныя мачты ліній электраперадач.

А ў нейкі момант перад вачыма расцілаецца нерэальна бірузовае ледавіковае возера, быццам гэта не тут і не па-сапраўднаму, а нехта дарэшты выкруціў наладкі колеру, так што вочы доўгі час адмаўляюцца верыць таму, што бачаць. І толькі стаіш ашаломлены і стараешся роўна дыхаць, каб не спалохаць уражаньне ад блакітнай плыні зьнізу і чароўнай дымкі над гарамі, што цягнуцца і цягнуцца ўдалячынь.

А горы навокал стаяць маўклівымі гігантамі і пытліва глядзяць на цябе зь пад, калматых лясамі, цяжкіх вейкаў. Прыглядаюцца, ці свой ты, ці варта прапускаць цябе далей. Нездарма час ад часу на дарозе сустракаюцца парэшткі ўпаўшых камянёў, часам досыць вялікіх. Як напамін, што гэты шлях тут хоць і асфальтаваны, але ўсё гэтак жа небясьпечны і для спрадвечных гор існуе проста імгненьне параўноўваючы зь тым часам, што стаяць яны тут суровымі вартаўнікамі цішыні.


Фота зроблена Аленай
Даліна і вежы
Перад тым, як зьявіцца гарадок, нейкі час дарога доўжыцца пад аблокамі і ўнізе расьцілаецца даліна па якой раскіданы дзе-нідзе будынкі і апрацаваныя палі. Паступова ідучы ўсё ніжай і ніжай, урэшце апынаешся быццам у глінянай місцы, што ляжыць сярод гор, якую проста пасярэдзіне разразае стромкая рэчка, што бярэ свой пачатак у ледніку.

Абапал дарогі зьяўляюцца дамы і проста між імі, альбо воддаль, - вежы, сванскія вежы. Тыя самыя вежы, што можна лічыць візітоўкай Верхняй Сванэтыі. Датуюцца прыкладна каля IX–XIII стагоддзямі. Гэта былі і дамы, і абарончыя збудаванні: калі прыходзілі ворагі ці сыходзіла лавіна, сям'я зачынялася ўнутры і магла жыць там тыднямі, а ў летнюю сьпёку на верхніх паверхах каменных будынкаў можна было знайсьці прахалоду. Сванетыя ўнікальная тым, што яе ніхто ніколі па-сапраўднаму не заваяваў — ні манголы, ні туркі. Калі на астатнія грузінскія землі нападалі ворагі, менавіта сюды, у непрыступныя горы Сванэтыі, іншыя рэгіёны прывозілі на захаваньне свае каштоўнасьці і рэлігійныя рэліквіі.

Вечарэла
Як і чакалася, шлях да Месьціі заняў амаль увесь дзень. Адчувалася стома - і ад горнай дарогі, і ад колькасьці ўражаньняў. Паехаць у горы мы прыдумалі. А вось дзе будзем там жыць - не. Упс... Надыйшоў час таго самага "вырашым на месцы". І як тут не падзячыць лёсу за тое, што ў Алены ёсьць звышздольнасьць - хутка з'арыентавацца ў любым месцы, быццам дома і быццам па якой магіі - мы трапляем у ідэальнае месца, каб правесьці наступных дзень-два (пяць).

Гэты гасьцявы дом быццам нас і чакаў, простыя лаканічныя жылыя пакоі і стылёвая ўтульная агульная прастора, дзе так прыемна сьнедаць. І нават можна папрацаваць... хаця позірк раз пораз вяртаецца да горных краявідаў і думкі пачынаюць блукаць недзе там, між аблокаў. Выдатнае месца, дзе можна пісаць уласны раман аб тым як прывідныя постаці падарожнікаў імкнуцца між гор туды, дзе блішчуць маланкі, каб зкінуць у жэрла вулкану цяжар, які выпала ім лёсам пранесьці празь сумневы і выпрабаваньні... Але, здаецца, гэта нехта ўжо напісаў. Эх...

Чалаадзі
Месьція аказалася на дзіва шматлюдным месцам, улічваючы сваю аддаленасьць і цяжкасьць каб дабрацца. Людзей вабіць гэта месца па многім прычынам. Да таго ж тут працуе мясцовы аэрапорт, пабудаваны ў футурыстычным стылі, куды рэгулярна лётаюць невялічкія самалёты авіякампаніі VanillaSky. І такі пералёт сам па сабе цягне на невялічкую прыгоду. Гэта мы яшчэ зробім. На вуліцах жа гучаць размовы на розных мовах - і ангельская, і нямецкая, і карэйская, аж дзіву даешся, як гэта ўсе гэтыя людзі тут сабраліся разам.
У пошуку мясцовых ўражаньняў, да якіх можна дацягнуцца за абмежаваны час і зь улікам зьменлівага надвор'я, мы ў першую чаргу знайшлі згадкі пра ледавік, што быў зусім побач - рукой падаць. І завецца ён Чалаадзі. ჭალაათი - можна прыкладна перакласьці як "месца пачатку поймы ракі". Калі ў канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзя на Каўказ прыехалі першыя эўрапейскія і расейскія дасьледчыкі ды альпіністы (напрыклад, вядомы ангельскі альпініст Дуглас Фрэшфілд, які першым апісаў многія вяршыні Сванетыі), яны проста запісвалі назвы са словаў мясцовых праваднікоў-сванаў. Так назва лясной поймы замацавалася за самім гіганцкім ледавіком на міжнародных мапах.
Цікавай асаблівасьцю яго зьяўляецца тое, што ў адрозьненьні ад большасьці ледавікоў рэгіёну, ён разьмяшчаецца досыць нізка - не ў альпійскай зоне вечнай мерзлаты, а спускаецца проста ў лясную зону, яго язык заканчваецца на вышыні калі 1900 мэтраў над узроўнем мора. І шлях да яго ідзе наўпрост празь лес, праз адносна пакатую мясцовасьць уздоўж ракі, што бярэ свой пачатак у недрах ледавіка.

Пад узьдзеяньнем глабальнага пацяпленьня ён імкліва (у маштабах жыцьця ледавікоў і гор, вядома) растае. Паводле дасьледаваньняў за апошнія 200 гадоў, з часоў так званага Малога ледавіковага перыяду, плошча Чалаадзі скарацілася на 34% - зь 14,9 км² да 9,9 км². Увесь шлях да ледавіка празь лес, што вырас на каменных россыпах - гэта месца, дзе раней ляжаў лёд.

З-пад ледавіка вырываецца магутны струмень вады — гэта пачатак ракі Месьціячала (якая потым упадае ў раку Мулхура). Вада тут ледзяная, малочна-блакітнаватага колеру з-за ледніковай мукі (дробна перацёртай горнай пароды).
Знаходзіцца побач з ледавіком вельмі небясьпечна. Лёд пастаянна рухаецца, растае і трашчыць. Каменяпады і абвалы вялізных кавалкаў лёду здараюцца тут рэгулярна, і гісторыя ведае трагічныя выпадкі з вандроўнікамі, што падыходзілі занадта блізка ці спрабавалі залезці ўнутр ледзяных пячор, з якіх выцякае рака. Нават калі стаіш на адлегласці 20–30 метраў, можна адчуць рэзкі і халодны «подых» ледавіка, а часам і пачуць глухі гул ці трэск унутры ледзяной масы.




Мы спыніліся каля падножжа ледзянога гіганту, далей палічылі ісьці небясьпечным. Нават калі здаецца, што перад табой роўная паверхня ільду, насамрэч гэта можа быць толькі тонкі корак над глыбокай ледзяной безданьню, зь якой потым не выбрацца. Такія пратаяўшыя шчыліны могуць быць проста прыцярушаны сьнегам, але адзін неасьцярожны крок - і цябе могуць не знайсьці. Пры гэтым іншыя людзі не спыняліся і ішлі далей. Мо яны што ведаюць ці маюць звышздольнасьці бачыць небясьпеку, напэўна казаць не стану.
Проста стаіш побач і глядзіш на струмені вады са сколаў ледзянога сэрца і бачыш як нараджаецца бурлівая рака, якая нясе свае воды ў блакітныя азёры. У такія хвіліны разумееш, наколькі кароткі наш час на плянэце. Нам дадзена ўбачыць толькі імгненьне яе жыцьця, і лепей не рабіць яго яшчэ карацейшым.


Вяртаньне
Як не было шкада, але прыйшоў час вяртацца дадому. Перад ад'ездам падняліся на фунікулёры на суседнюю гару, адкуль гарадок выглядае быццам цацачным. Сам фунікулёр на пешым узроўні мае адкрытыя сядзеньні і ў нейкі час нават хадзіла па сеціву відэа, дзе на ім катаецца мясцовы сабака 😄.
Зваротны шлях празь горы на гэты раз даўся лягчэй, месцы былі ўжо знаёмымі. А вось упаўшых на дарогу зь гор камянёў прыбавілася.

Прайшоў амаль год, а тая паездка ўзгадваецца зь цеплынёй і ўражаньні ад яе застануцца зь намі назаўсёды. І цёплыя успаміны пра дом, дзе давялося жыць, пра вячэру пры сьвечках, калі ў навальніцу па ўсім мястэчку адключылася электрычнасьць, і пра маляўнічыя захады сонца за гарамі, і пра аблокі, што фарбуюцца ў такія разнастайныя колеры, якіх не ўбачыш больш нідзе. Трэба падарожнічаць, бо колькі яшчэ мясьцін у сьвеце, якіх проста не можаш сабе ўявіць, што яны насамрэч існуюць, пакуль там не пабываеш. І кожнае падарожжа - гэта штуршок да пачатку наступнага. Магу толькі пажадаць, каб усім хацелася і маглося адчуць, пачуць і пабачыць як жыве і дыхае наша планета. Падарожнічайце ў сваё задавальненьне. На гэтым разьвітваюся. Да наступных сустрэч.