Стамбул 2026: Ісцікляль
Чамусьці так сталася, што да Турцыі ў мяне даўней былі адносіны не вельмі — быццам гэта нешта папсовае і несапраўднае. Бо ўласнага досьведу паездак сюды не было (ў тым ліку і з-за падчэпленага недзе погляду на краіну), а ад знаёмых і наогул у публічным асяродку натыкаўся толькі на аповяды пра «ўсё ўключана» зь бяздумнай тратай часу. Калі ж больш дасканала і мэтанакіравана не шукаць, дык так і будзеш натыкацца на самы распаўсюджаны маркетынгавы стэрэатып. А потым здарылася магчымасьць там пажыць.

Пражылі мы ў краіне тры месяцы. І гэты досьвед цалкам перавярнуў мае ўяўленьні аб Турцыі як зьяве. Столькі там аказалася цікавага, прыгожага, захапляльнага. Гістарычныя месцы, старажытныя гарады — разбураныя і да гэтага часу жылыя, і прыродныя краявіды, ад якіх проста не пасьпяваеш уражвацца. І ветлыя, прыемныя людзі, якія жывуць сваё жыцьцё, ствараюць новае ці захоўваюць мінуўшчыну. Потым былі яшчэ падарожжы па гэтай краіне, праехалі на аўто амаль усю яе наскрозь. І кожны раз толькі новыя ўражаньні, новыя гарызонты разнастайнасьці.


Гэтым годам мы ізноў вярнуліся сюды, бо вулачак нясхожаных тут безьліч, прыгожых будынкаў нябачаных мноства, і колькі не находжвай крокаў за кожны дзень наведваньня гэтага гіганцкага гораду, потым аказваецца, што не пабачыў і тысячнай кроплі ад таго, што варта ўбачыць, абыйсьці, паспрабаваць і пастарацца захаваць у сабе атрыманыя ўражаньні. Так атрымалася, што ў папярэднюю паездку мы жылі па адзін бок ад Ісцікляля, а ў гэты раз наша жыльлё аказалася на другім баку, бліжэй да праліву. І ізноў усе шляхі нашы вядуць на гэту бясконца кіпучую жыцьцём артэрыю гораду, дзе сьвятло падобна не гасьне ніколі і не спыняючыся цячэ бурлівы струмень людзей.



У гэты раз мне захацелася даведацца болей пра гэту вуліцу, якая мяне прыцягвае і крыху палохае. І асобнымі момантамі гісторыі быў зьдзіўлены і ўражаны. Бо я чамусьці не задумваўся нават, як перакладаецца яе назва...

Назвы і паходжанне
Вуліца пачынаецца на плошчы Таксім і цягнецца да заліва Залаты Рог — каля 1,4 км. На мапе яна мае форму бумеранга, а ў кропцы згібу — плошча Галатасарай зь вядомым Галатасарайскім ліцэям [¹].

Гісторыя вуліцы пачынаецца з канца XV стагоддзя, калі вакол гэтай тэрыторыі сталі з'яўляцца першыя мусульманскія пасяленьні. Вежа Галата ўжо тады стаяла, а ў раёне паўднёвай аконечнасьці сучаснай вуліцы знаходзіліся гарадскія вароты [¹].

Назвы мяняліся разам з эпохамі:
- У часы Асманскай імпэрыі — Кадде-і Кебір («Вялікая вуліца»).
- У канцы XIX ст. назву змянілі на французскі лад — Гранд рю дэ Пера.
- Пасьля абвяшчэньня Турэцкай Рэспублікі ў 1923 годзе вуліца атрымала назву Ісцікляль («Незалежнасьць») — у гонар барацьбы за незалежнасьць Турцыі [²].

Храналёгія падзей
XV–XVI стст. Пры султане Сулеймане I тэрыторыя пачынае забудоўвацца мусульманскімі пабудовамі [¹].
XIX стагоддзе — «Маленькі Парыж» На рубяжы стагоддзяў тут адкрываліся самыя рэспектабельныя крамы горада — велічныя пасажы па ўзоры французскіх і італьянскіх гандлёвых цэнтраў. Па суседстве стаяў лепшы гатэль горада — «Пера Палас», дзе спыняліся еўрапейскія знакамітасьці [³]. Турэцкая любоў да ўсяго французскага была тут амаль матэрыяльнай.
1871 год — на Ісцікляль выйшла першая ў краіне трамвайная лінія, тады яшчэ на конскай цязе [⁴].

1875 год — адчынілася другая ў сьвеце лінія мэтро — Цюнель, усяго зь дзьвума станцыямі. Яна функцыянуе і сёньня [¹].
1920–1923 — рускі эміграцыйны пэрыяд. Дзякуючы расейскаму пасольству, якое стаяла на гэтай вуліцы, Пера ператварылася ў неафіцыйны цэнтр рускай эміграцыі — і высокіх афіцэраў, і простых бежанцаў. Армія Ўрангеля, якая адступіла праз Крым, асядала менавіта тут. Вуліца гучала рускай і французскай мовамі [⁵].
1923 год — у сувязі з перамогай у Вайне за незалежнасьць і абвяшчэньнем Турэцкай рэспублікі вуліца перайменавана ў Ісцікляль [⁶].

1955 год — падчас Стамбульскіх пагромаў Ісцікляль стаў адным з галоўных месцаў бунту. Пагром быў накіраваны супраць грэцкай мяншыні: пацярпелі 4 214 жылых дамоў, 73 царквы, 1 сынагога, 2 манастыры і 26 школ. Пасьля гэтых падзей вуліца на доўгі час прыходзіць у заняпад [⁷].
1990 год — вуліца Ісцікляль стала пешаходнай і на ёй адчынілася трамвайная лінія «Таксім–Цюнель». Чырвоны вагончык адноўлены па ўзоры трамвая 1915 году — дрэўляныя акенцы, раздоўжныя дзьверы, і нават у вадзіцеля няма крэсла. Трамваі вярнуліся пасьля 24-гадовай адсутнасьці [⁸].

1990-я — пачынаецца абнаўленьне: адкрываюцца новыя крамы і рэстараны, гістарычныя будынкі рэстаўруюцца, вуліца паступова набывае сённяшні выгляд [¹].
Цікавыя факты

- У выхадныя дні па вуліцы праходзіць больш за 3 мільёны чалавек [²].
- У царкве Сьвятога Антонія Падуанскага на Ісцікляль 10 гадоў служыў імшы будучы Папа Ян XXIII — той, каго называлі «самым добрым Папам» XX стагоддзя [⁴].
- Тут знаходзяцца генэральныя консульствы Францыі, Грэцыі, Нідэрляндаў, Расеі, Іспаніі, Швэцыі і Вялікабрытаніі [¹].

- На Ісцікляль праводзяцца Стамбульскі кінафэстываль і іншыя міжнародныя фэстывалі мастацтва [⁴].

- Тут здымаліся сцэны мноства турэцкіх фільмаў і серыялаў [²].

- І, мабыць, галоўнае: вуліца ўвасабляе двайстасьць Стамбула — побач існуюць дарагія рэстараны і таннія кавярні, храмы ўсіх канфэсій і гучныя начныя клюбы, будынкі Усходу і Захаду [²].

Зноскі
² Пешаходная вуліца Ісцікляль — marshruting.com
³ Гісторыя вуліцы Ісцікляль — izi.travel
⁴ Стамбул для прагулак і шопінгу: вуліца Ісцікляль — vestikavkaza.ru
⁵ Пера — цэнтр рускай эміграцыі — paris1814.com