🇬🇪 Тбілісі вачыма экспата
Зь любым горадам здараецца адна і тая ж метамарфоза, калі прыехаць як турыст на тыдзень ці застацца ў ім жыць - ты быццам трапляеш у два розныя гарады. І Тбілісі не стаў выключэньнем.

Прыехалі мы сюды на пачатку восені і першае ўражаньне было змазаным, бо прыехалі мы ў горад уначы. Было цёмна, ліў дождж, мы безь сувязі. Пасля праходжаньня мяжы доўга ехалі па горным сэрпантынам, бо не разгонішся - слізка, вузка, дарога невядомая. Хаця ўражаньне ад той паездкі было моцным і застаецца яшчэ і па гэты час - груба прарубленыя ў скалах тунэлі, аблокі зьнізу, а не зьверху, бяскрайнія абшары за кожным паваротам.

Месцамі краявіды выглядалі настолькі казачна, што здавалася быццам ты на іньшай планеце. І тады забываешся пра ўсё - доўгі шлях дагэтуль, і няспынная імжака і як нязручна доўгі час сядзець нерухома ў аўто. Проста стаіш, проста глядзіш. І на нейкі час становіцца спакойна і зразумела.

Аднак потым зцямнела і ўражаньні зьмяніліся стомай, бо дождж, дрэнна бачна што наперадзе, яшчэ так доўга ехаць, а паскорыцца няма магчымасьці. І потым новы невядомы горад, дзе незразумела як арыентавацца і як дабрацца да арэндаванай кватэры. Ужо зараз, празь некалькі год жыцьця тут, я разумею дзе мы ехалі і гэтыя вуліцы знаёмыя настолькі, што ў галаве аўтаматычна малюецца маршрут і як можна было праехаць прасьцей. А тады я нават не ведаў, што мы спыняліся мяняць грошы каля Сухога Маста.
Тбілісі турыстычны

Гэты горад бачыш калі бесклапотна гуляеш па вуліцам гістарычнага цэнтру. Так было зь самага пачатку, калі патрэбна было зьняць стрэс ад пераезду і пакуль не заняліся ўладкаваньнем быту. Прайсьціся па гістарычным цэнтры, пашукаць свае месцы, бясконца зьдзіўляцца на своеасаблівую архітэктуру, назіраць, як жывуць мясцовыя - усё гэта здаецца экзатычным і нязвычным, ты быццам падмацоўваешся гэтай энэргіяй адкрыцьця нечага новага. Стары Тбілісі — Абанатубані з серніковымі лазьнямі, Метэхі, Нарыкала — гэта сапраўды той самы Усход і Захад на адной вуліцы, пра які пішуць у даведніках для падарожнікаў. Клімат, калі не лета, мяккі і ветлівы: восень тут — гэта наша лета, вясна — таксама лета, зіма нагадвае нашу вясну. Натуральна, з неба не падае сьнег тонамі і ніхто не пераключаецца ў рэжым выжываньня ў лістападзе.

Людзі сустракаюць цёпла — і гэта не пусты гук. На турыста тут глядзяць добразычліва, дапамогуць, пакажуць, распавядуць. Мясцовыя базары зь мясцовым калярытам, хінкалі ў правільным месцы, хачапуры ў дзесятках варыянтаў. Садавіна і гародніна круглы год. Нарэшце, Грузія — гэта прырода, і прырода тут сапраўды разнастайная: ад альпійскіх лугоў Казбегі да субтропікаў Батумі.

А яшчэ захад сонца, гэта заўсёды нешта ўнікальнае, натхняльнае і маляўнічае. Не тое каб ён быў чымсьці лепшы за беларускі, іх нельга параўноўваць, кожны вабны па-свойму. І мясцовы, на маю думку, якразь тое відовішча, што ніколі не надакучыць, неяк накіроўвае думкі на наступны дзень і працяг жыцьця.

Мы тут на нейкі час
Калі крыху перавялі дых і агледзеліся, пачалі неяк уладкоўваць жыцьцё на новым месцы. Па-першае не спраўдзіліся шмат якія страхі, якіх начуліся зь навінавых паблікаў - пра негатыўныя адносіны да прыезжых зь нашых краінаў, пра тое, што паўсюль стараюцца аблічыць, бачачы што ты не мясцовы. А ў тутэйшых экспатскіх кам'юніці пра такое паўстае размова настолькі рэдка, што гэта зусім выключэньне, там болей пра рашэньне пытаньняў зь дакумэнтамі, альбо дзе і што лепей купіць.

Далей пра выбар месца жыць, усе ўголас раілі Сабуртала - маўляў усе нашы там, аднак калі ты яшчэ не ведаеш дзе тое Сабуртала і чым яно адрозьніваецца ад Ваке ці Аўлабары, ці нават пра само існаваньне такіх раёнаў, то аказваешся перад вірам невядомасьці, з-за якой цяжка пачаць наогул рабіць нейкія крокі.

Аднак лёс склаўся так... Не прыйшлося нам выбіраць падобным чынам, бо зьвярнуўшыся ў сістэму адукацыі наконт месца ў школе для дачкі, мы атрымалі сьпіс зь чатырох школ, куды яе могуць прыняць, там дзе было вольнае месца. Кола звузілася. Так мы даведаліся пра Глдані і Вазісубані. Паглядзеўшы і там і там, спыніліся на другім. Наогул тая школа, куды нас накіравалі, знаходзіцца ў Варкетылі, але аказалася, што яе вырашылі адрамантаваць. І відаць так захапіліся працэсам, што проста яе зьнеслі. А вучняў разьмеркавалі па іньшым школам.


Так, быццам чапляючыся адно за аднаго, рашаліся пытаньні ў гэтым горадзе. Пасля таго, як была знойдзена школа і пошук жыльля стаў да яе прывязаны - кватэра знайшлася надзіва хутка. Прагледзеўшы некалькі не надта прывабных варыянтаў, дзе спыняцца не хацелася, мы патрапілі на аб'яўку Георгія. І тут ужо амаль не разважалі, бо кватэра была новая, а гаспадары простымі і шчырымі. І не памыліліся, зь Георгіем у выніку пасябравалі, некалькі разоў ён запрашаў да сябе ў госьці, сам па сабе ён цікавы і зразумелы хлапец і сям'я ў іх вялікая, дружная і гасьцінная.

Час пайшоў сваёй хадой. Спачатку нешта здаецца дзіўным, нязручным, незразумелым. Потым неяк прыстасоўваешся. Потым «ды й неблага, а можа так і трэба» — беларус я нарэшце ці не. Так, да гэтага часу раздражняе, што каб закупіцца прадуктамі, трэба абыйсьці палову раёну. А зь іньшага боку - раён мы зараз ведаем настолькі дасканала, што прабудаваць лагістыку ўжо атрымоўваецца аўтаматычна, і куды і за чым ісьці можна пралічыць. Ды й хадзіць пешшу ўрэшце рэшт карысна для здароў'я 😆. Ведаеш дзе будзе танней, а дзе магчыма знайсьці нешта нехарактэрнае для іньшых крамаў. Так, дарагое малако (зараз ужо амаль шэсьць лары, гэта прыкладна тое самае, што шэсьць беларускіх рублёў), але бываюць зьніжкі, за якімі ідзеш у Оры Набіджы.

А вось садавіну і гародніну лепей купляць ў адмысловых невялічкіх крамах, там гэта заўсёды ў наяўнасьці круглы год і досыць танна. Яшчэ пралічваеш часы дзяржаўных і рэлігійных сьвятаў, калі зачыняецца літаральна ўсё і мясцовыя назапашваюць ежы на ўвесь гэты час - ад трох дзён да амаль тыдню на Новы год.

Зьяўляюцца і "свае месцы", дзе самы смачны шоці, самыя кананічныя хінкалі ці суп Харчо, ці гатуюць лепшае мяса. А яшчэ аказваецца, што гэтыя самыя знойдзеныя месцы далёка ад турыстычных лакацый, яны жывуць сваё ціхенькае жыцьцё і звесткі пра іх перадаюцца выключна празь размовы. У мяне празь гэта склаўся ўласны "індэкс Харчо", па якому я параўноўваю розныя месцы, куды мы траплялі ў розных гарадах і мястэчках Сакартвэла, і пакуль нідзе я не каштаваў такога выдатнага Харчо, як у невялічкім ды непрыкметным рэстаранчыку непадалёк ад Варкецілі, куды напэўна падарожнікі не дабіраюцца.

Вельмі важна ведаць мясцовую мову, хаця б некалькі словаў для размовы. "Гамарджоба" ці "мадлоба" гэта ўжо дэфолт, а ёсьць яшчэ "бодзішы" (выбачыцца калі на нагу каму наступіў, ці штурхнуў) і "укацрава" (выбачыцца калі трэба прайсьці да выхаду ў аўтобусе, напрыклад). "Арапрыс" - прыкладна тое ж, што і "няма за што". Яшчэ абярэг, што працуе супраць надта настойлівых таксістаў у аэрапарту "ар мінда, мадлоба" - тобок "нецікава, дзякуй". Яшчэ падабаецца "пір ту пір" - наперад 😄. Калі нават спрабуеш размаўляць на картулі, адносіны да цябе адразу змяняюцца, тут не будуць зважаць на хібы і пастараюцца зразумець, што ты хочаш сказаць. Адна бяда, бачачы мяне і мае спробы нешта растлумачыць на картулі, чамусьці адразу пераходзяць на расейскую мову, бо яе надзіва шмат мясцовых ведаюць. Аднак я не пакідаю надзеі засвоіць картулі, каб пачуваць сябе больш упэўнена. Ну і чытаць-пісаць, безь гэтага нікуды, хаця тут для мяне прасьцей - дачка навучаецца ў школе, і чытае ўжо досыць бегла, так пакрыху і я навучыўся, бо большасьць надпісаў у навакольлі не дублюецца на англельскую.

Што далей?
Чалавек, як вядома, здольны прыстасавацца да ўсяго. Вымушаная эміграцыя гэта вялікі стрэс і пэўны час гарызонт планаваньня зьціскаецца ў кропку "дажыць да заўтра". Але ў нейкі час прыходзіць разуменьне, што час нельга паставіць на паўзу і адкладзенае жыцьцё пражыць калісьці потым і "па-сапраўднаму". Вядома да такога варта яшчэ дайсьці і гэта можа быць вялікая праца, зь якой не справішся без дапамогі. Сакартвэла ў гэтым не самую малую ролю адыграла, тут я змог уздыхнуць крыху вальней, спыніцца ад бясконцага бегу і чаканьня чагосьці дрэннага і небясьпечнага. Тут зьявіліся новыя магчымасьці, новыя знаёмствы і сябры. І тая самая кропка пачынае пашырацца да нечага большага.

Ёсьць тут свае хібы і, магчыма, ў фармаце разважаньня пра гэта яшчэ напішу. Але калі класьці на вагі адмоўнае і станоўчае, то пакуль станоўчае пераважае і мы жывем тут. Пасля трох год жыцьця і тысячаў праеханых кіламетраў па краіне, мы не бачылі і малой часткі таго, што варта і хочацца тут убачыць. Мы застаемся, каб бліжэй пазнаёміцца зь гэтай прыгожай краінай і яе народам, такім гасьцінным і адкрытым. І цытуючы клясіку 😉 "у нас быў плян..." - так, зараз ён у нас ёсьць.
За чароўныя казачныя фотаздымкі дзякуй маёй каханай Алене. І за тое, што ў самыя няпростыя часы жыцьця была са мной і тым дапамагла мне выкараскацца.
Застаемся на сувязі. Жывіце зараз, "потым" можа не наступіць ці нешта важнае зараз, пазьней страціць свой смак і апынецца прэсным расчараваньнем.